Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
«Біблія на Берасцейшчыне» — маштабны асветніцкі выставачны праект, мэта якога — знаёмства грамадскасці з багатай гісторыка-культурнай кніжнай спадчынай, прадстаўленай рэдкімі і каштоўнымі выданнямі духоўнай літаратуры. Партнёры бібліятэкі: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, прадстаўнікі ўсіх рэлігійных канфесій Брэстчыны.
Экспанаты выстаўкі, сабраныя з розных дзяржаўных і прыватных калекцый Беларусі, далі магчымасць прасачыць гісторыю беларускай Бібліі ад ранніх рукапісаў да нашых дзён у кантэксце сусветнай і рэгіянальнай гісторыі.
Дэманстраваліся факсімільныя выданні адных з найстаражытнейшых захаваных тэкстаў Старога Запавету - папірусу Нэша з фрагментам 10 запаведзяў на іўрыце (II у. да н. э.) і Новага Запавету — папірусу P52 з фрагментам Евангелля ад Іаана (II у. н. э.), а таксама выданні перакладаў Бібліі на розных мовах.
Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаў фрагмент Брэсцкай Бібліі 1563 г. На выстаўцы экспанаваліся і сучасныя пераклады Бібліі на беларускую мову, аўтары якіх маюць непасрэднае дачыненне да Брэстчыны. Гэта пераклады Васіля Сёмухі, Анатоля Клышкі, Сергія Гардуна, Фёдара Клімчука, Лукі Дзекуць-Малея.
Большая частка выданняў, якія былі прадстаўлены на выставе, - экзэмпляры Брэсцкай абласной бібліятэкі.
На экспазіцыі дзейнічала інтэрактыўная зона з макетам друкарскага станка, на якім наведвальнікі маглі зрабіць копію тытульнага ліста Брэсцкай Бібліі 1563 г.
У ходзе рэалізацыі гэтага праекта з 22 верасня па 24 кастрычніка 2021 г. для жыхароў і гасцей нашага горада было праведзена 113 экскурсій (62 — супрацоўнікамі аддзела рэдкай кнігі і 51 — валанцёрамі). Наведалі выставу каля 1500 чалавек.
Открытие выставки
Фото экспонатов
Экскурсии