Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
2024 год багаты на юбілейныя даты: спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння пісьменнікаў-франтавікоў В. Быкава, Б. Васільева, Ю. Бондарава, Б. Акуджавы, Ю. Друнінай і В. Астаф'ева. Сустрэчу клуба «КанТэкст» 27 кастрычніка прысвяцілі гэтым аўтарам, а правесці яе вырашылі ў форме гульнявой віктарыны. На гэты раз на сустрэчу клуба зазірнулі і ўдзельнікі творчага аб'яднання «Светлаяр». Прысутныя падзяліліся на дзве каманды: каманда клуба «КанТэкст» і каманда аб'яднання «Светлаяр».
Нягледзячы на тое, што аўтары вядомыя, мы даведаліся пра іх і шмат новага. Многія з пісьменнікаў-юбіляраў 17-гадовымі пайшлі на фронт. Пасляваеннае жыццё таксама склалася па-рознаму. Знята больш за 30 экранізацый па кнігах народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, па «Альпійскай баладзе» пастаўлены балет, а па матывах аповесці «Ваўчыная зграя» — опера. З творчасцю Булата Акуджавы знаёміліся праз музычныя ўрыўкі з вядомых фільмаў («Пакроўскія вароты», «Беларускі вакзал», «Белае сонца пустыні»). Даведаліся, што аўтар калекцыянаваў званочкі.
Шчырая паэзія Юліі Друнінай любімая многімі. Здзівілі некаторыя факты яе біяграфіі: напрыклад, на што яна патраціла сваю першую пенсію, як называўся першы зборнік вершаў паэткі. Праслухалі запіс урыўка верша «Зінка» ў аўтарскім выкананні. Таксама каманды адгадвалі, у якіх гарадах ёсць помнікі Віктару Астаф'еву і Юрыю Бондараву, хто параіў юнаму Бондарову заняцца літаратурай, які фільм паводле аповесці Барыса Васільева намінаваўся на «Оскар».
Узровень ведаў удзельнікаў аказаўся вельмі высокім, адказы даваліся хутка. За кожны правільны адказ прысуджаўся адзін бал. У выніку квіза з лікам 27:22 перамагла каманда клуба «Кантэкст». Госці пасяджэння — удзельнікі аб'яднання «Светлаяр» — прэзентавалі дзесяціхвілінны фільм пра Барыса Васільева.
Сустрэча атрымалася цёплай і пазнавальнай. Далучайцеся да кніжнага клуба і адкрывайце цікавы кніжны свет разам з намі!
Аддзел абанемента
+375 162 57 48 09