Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Электронны рэсурс «Агонь душы Ніны Мацяш»

Электронны рэсурс «Шчыраверная слову. Галіна Малажай»

Электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння»

Віртуальны музей «Ян Чачот — прадвеснік беларускага Адраджэння»

Электронный ресурс «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянцiны Локун (1946–2016)»



Жывая сувязь часоў: сустрэча з супрацоўнікамі Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці

Жывая сувязь часоў: сустрэча з супрацоўнікамі Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці

Жывая сувязь часоў: сустрэча з супрацоўнікамі Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці

У год 85-годдзя ўтварэння Брэсцкай вобласці ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага рэалізуецца шэраг культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай даты. У красавіку адбылася сустрэча са спецыялістамі Брэсцкай мытні — арганізацыі, якая з'яўляецца адной з візітных картак рэгіёну і сёлета таксама адзначае сваё 85-годдзе. У маі прайшла сустрэча з галоўным рэдактарам і супрацоўнікамі вядучага і найстарэйшага перыядычнага выдання Брэстчыны — абласной газеты «Заря», якая таксама была створана ў год стварэння Брэсцкай вобласці (1939).

 

4 чэрвеня, напярэдадні Міжнароднага дня архіваў (9 чэрвеня), адбылася сустрэча з прадстаўнікамі рэдкай і малалікай у Беларусі прафесіі — архівістамі — супрацоўнікамі Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці: дырэктарам Ганнай Генадзеўнай Карапузавай, загадчыкам аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Галінай Дзмітрыеўнай Калуставай і вядучым архівістам Веранікай Алегаўнай Крышчанка.

 

Здаўна архівы з'яўляюцца своеасаблівымі сховішчамі гістарычнай памяці народа і досведу папярэдніх пакаленняў. Як толькі ўзніклі першыя дзяржаўныя ўтварэнні, а разам з імі апарат, які выконвае функцыі дзяржавы, з'явілася неабходнасць захоўваць заканадаўчыя дакументы і дзелавыя паперы. Так узніклі архівы. З часам, акрамя мемарыяльнай функцыі, кола іх задач значна пашырылася.

 

Пра сучасныя задачы, структуру ўстановы і яе амаль 85-гадовую гісторыю (споўніцца ў 2025 годзе) расказала Ганна Генадзеўна.

 

Праца архівіста некаторым можа здацца аднастайнай, аднак гэта адна з найцікавейшых прафесій у свеце. Госці падзяліліся асаблівасцямі сакрэтамі прафесіі, адзначылі асабістыя якасці, неабходныя спецыялісту архіва. Сярод іх — уседлівасць, акуратнасць, уважлівасць, скрупулёзнасць. На думку аднаго з самых вопытных спецыялістаў установы Галіны Дзмітрыеўны Калуставай, якая больш за 35 гадоў працуе не толькі з дакументамі, але і людзьмі, самае важнае — беражлівыя адносіны да дакументаў і ветлівыя адносіны да людзей.

 

Таксама супрацоўнікі архіва падзяліліся асабістымі гісторыямі выбару прафесіі; распавялі пра свае абавязкі; успомнілі яркія моманты — удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, кранальныя адкрыцці людзей, якія знайшлі ў дакументах архіва свае карані, і многае іншае.

 

Вядучы архівіст Вераніка Крышчанка — нядаўняя выпускніца гістарычнага факультэта БрДУ імя А. С. Пушкіна — адзначыла, што ВНУ дае грунтоўную базу для працы ў архіве. Сярод прысутных на мерапрыемстве былі студэнты гістфака. Для тых, хто захоча звязаць сваю прафесійную дзейнасць з архівам, Вераніка Алегаўна звярнула ўвагу на некаторыя навучальныя дысцыпліны, ведаць якія асабліва карысна: гісторыю Беларусі ХХ ст., архівазнаўства і дакументазнаўства.

 

Выставачная дзейнасць — адзін з напрамкаў работы архіва. Да 85-годдзя Брэсцкай вобласці Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці падрыхтаваў экспазіцыю па матэрыялах са сваіх фондаў і публікацый газеты «Заря», якая адлюстроўвае важныя этапы станаўлення і развіцця рэгіёну ў перыяд са снежня 1939-га да канца 1980-х гг. Ва ўсіх прысутных была цудоўная магчымасць з ёй азнаёміцца.

 

У завяршэнні мерапрыемства з цёплымі словамі ў адрас гасцей выступіла загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна Алена Іосіфаўна Пашковіч.

 

Віншуем цудоўны калектыў Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці і ўсіх, хто мае дачыненне да гэтай прафесіі, з надыходзячым Міжнародным днём архіваў, жадаем поспехаў, дабрабыту і моцнага здароўя, каб усе прафесійныя задачы вырашаліся лёгка і з цікавасцю!

 

Аддзел сацыякультурнай дзейнасці і маркетынгу

+375 162 57 48 76



Зварот да спісу