Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Напярэдадні Міжнароднага дня студэнтаў — з 16 лістапада 2024 г. — у аддзеле абанемента Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага пачне работу кніжная выстава «Мае ўніверсітэты: студэнцкі раман».
Міжнародны дзень студэнтаў адзначаецца штогод 17 лістапада. Свята заснавана ў 1941 годзе на сустрэчы ў Лондане студэнтаў з краін, якія змагаюцца супраць фашызму, але адзначаецца з 1946 года. Дата абрана ў памяць аб чэшскіх студэнтах-патрыётах, расстраляных фашыстамі ў 1939 годзе.
Да студэнцкай тэмы звярталіся класікі беларускай, рускай і замежнай літаратур, пішуць на гэтую тэму і сучасныя аўтары. Раман «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі») — першы вялікі твор Уладзіміра Караткевіча. Галоўны герой рамана Андрэй Грынкевіч вучыцца на Вышэйшых літаратурных курсах. Ён — натура дзейсная і высакародная. Адзін з ранніх твораў народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна — аповесць «Непаўторная вясна» — раскрывае чытачу свет пачуццяў студэнта Пятра і дзяўчыны Сашы. Тэтралогія Алены Васілевіч «Пачакая, затрымайся» — аб станаўленні Ганькі Гурыновіч. Папулярнасцю ў чытачоў бібліятэкі карыстаецца і серыя гісторыка-прыгодніцкіх раманаў Людмілы Рублеўскай пра Пранціша Вырвіча. Усе гэтыя выданні будуць прадстаўлены на выставе.
Героям-студэнтам прысвечана нямала твораў і ў рускай літаратуры: Антон Чэхаў «Студент», Аляксандр Купрын «Студент-драгун», Мікалай Гогаль «Вий» і іншыя. Замежная літаратура на экспазіцыі ўключыць кнігі Донны Тартт «Тайная история», Харукі Муракамі «Норвежский лес», Стывена Кінга «Страна радости», Эрыка Сігала «Однокурсники» і многія іншыя.
Запрашаем вас азнаёміцца з кніжнай выставай пра студэнтаў і цікавае студэнцкае жыццё. А студэнтаў віншуем з іх святам
Аддзел абанемента
+375 162 57 48 09