Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
У аддзеле літаратуры па мастацтве з 14 па 31 сакавіка экспануецца выстава «Н. А. Римский-Корсаков», прысвечаная 180-годдзю з дня нараджэння выдатнага рускага кампазітара, дырыжора, педагога. На ёй прадстаўлены кнігі, перыядычныя выданні, ноты, аўдыёвізуальныя матэрыялы.
Пра жыццё і творчасць вялікага музыканта расказвае кніга І. Ф. Куніна «Николай Андреевич Римский-Корсаков» (Масква, 1983). Асаблівую каштоўнасць уяўляе двухтомнік дзённікавых запісаў музыказнаўца В. В. Ястрабцава «Николай Андреевич Римский-Корсаков. Воспоминания, 1886–1908» (Ленінград, 1959–1960). З аўтабіяграфіяй кампазітара, у якой расказана гісторыя яго твораў, ахарактарызаваны сучаснікі і рускае музычнае жыццё таго перыяду, знаёміць «Летапіс майго музычнага жыцця» (Масква, 1980). Рымскі-Корсакаў пісаў яе на працягу трыццаці гадоў: першы запіс датаваны 30 жніўня 1876 г., апошні — 22 жніўня 1976 г.
Жанр оперы займае асноўнае месца ў творчасці М. А. Рымскага-Корсакава. Пятнаццаць оперных твораў — такая багатая спадчына, пакінутая вялікім майстрам музычнага тэатра. Самыя вядомыя: «Пскавіцянка», «Майская ноч», «Снягурачка», «Садко», «Царская нявеста», «Млада», «Казка пра цара Салтана», «Моцарт і Сальеры». З кароткім зместам шматлікіх опер Рымскага-Корсакава і іх увасабленнем на сцэне знаёміць кніга Міхаіла Мугінштэйна «Хроника мировой оперы, 1851–1900» (Екацярынбург, 2012), а больш падрабязна — даведнік «Оперы Н. А. Римского-Корсакова» (Масква, 1976).
Акрамя таго, Рымскі-Корсакаў напісаў мноства аркестравых твораў, галоўным з якіх з’яўляецца сімфанічная сюіта «Шахеразада» на сюжэты казак «Тысяча і адна ноч».
Пра пастаноўкі оперных спектакляў беларускімі, расійскімі і замежнымі тэатрамі можна пачытаць у часопісах: «Музыкальная жизнь», «Музыкальная академия», «Партер», «Мастацтва».
Чытачам даецца магчымасць паслухаць творы кампазітара, у т. л. і оперы, на вінілавых грампласцінках непасрэдна ля выставы.
Аддзел літаратуры па мастацтве
+375 162 57 48 78