Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
11 сакавіка 2024 г. у аддзеле рэдкай кнігі Брэсцкай абласной бібліятэкі прайшоў музейна-бібліятэчны занятак «История страны в провененциях» для студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.
Што такое правененцыі? Якія ўладальніцкія кніжныя знакі існуюць? Што яны могуць расказаць пра гісторыю бытавання кожнага асобна ўзятага кніжнага экзэмпляра і пра час, у якім кніга «жыла»? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні госцi атрымалі ў ходзе мерапрыемства.
Праз знаёмства з правененцыямі (пячаткамі, штампамі, надпісамі, экслібрысамі, суперэкслібрысамі) на кнігах аддзела студэнты прасачылі гісторыю Беларусі з XVIII ст. па першую палову XX ст., даведаліся, якія ўстановы і арганізацыі існавалі ў краіне ў той час, на якой мове размаўлялі, а таксама пазнаёміліся з выдатнымі асобамі, кнігі з прыватных збораў якіх сёння захоўваюцца ў Брэсцкай абласной бібліятэцы. Гэта кнігі з бібліятэк княгіні Анэлы Раздзівіл (1731–1790); рускага графа, генерал-лейтэнанта Дзмітрыя Мікалаевіча Маўраса (1820–1896), маёнтак якога да гэтага часу знаходзіцца ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці; беларускага пісьменніка, паэта і рэдактара Цішкі Гартнага (1887–1937); беларускага святара, пісьменніка і перакладчыка Ільдэфонса Бобіча (1890–1944) і многіх іншых.
А яшчэ госці даведаліся пра гісторыю старога корпуса свайго ўніверсітэта, будынак якога спраектаваны і пабудаваны ў 1904–1905 гг. у гонар нараджэння сына цара Мікалая II Цэсарэвіча Аляксея. З 1919 г. па 1939 г. у гэтым будынку знаходзілася гімназія імя Рамуальда Траўгута, некалькі кніг з бібліятэкі якой сёння захоўваюцца ў аддзеле рэдкай кнігі.
Запрашаем усіх жадаючых на музейна-бібліятэчныя заняткі!
Аддзел рэдкай кнігі
+375 162 57 48 30