Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Рэсурс «Рэдкія кнігі ў зборах Берасцейшчыны»

Рэсурс «Лічбавая памяць Брэстчыны»



Маладзёжная дыялогавая пляцоўка «Беларусь — Расія: сімвалы агульнай памяці»

Маладзёжная дыялогавая пляцоўка «Беларусь — Расія: сімвалы агульнай памяці»

Маладзёжная дыялогавая пляцоўка «Беларусь — Расія: сімвалы агульнай памяці»

7 мая 2026 г., напярэдадні Дня Перамогі, адбыўся відэамост з удзелам Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага і Пензенскай абласной бібліятэкі імя М.Ю. Лермантава, прысвечаны захаванню гістарычнай памяці і месцы моладзі ў гэтай працы. Ініцыятарам правядзення сустрэчы выступіла Брэсцкая абласная бібліятэка.


З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Брэсцкай абласной бібліятэкі Верамчук Ларыса Эдуардаўна. Затым загадчык агульнай чытальнай залы Глазкова Тамара Васільеўна, выступаючы мадэратарам, акцэнтавала ўвагу на тым, што ў Беларусі памяць аб вайне — гэта свяшчэнны абавязак кожнага грамадзяніна. Для жыхароў Брэстчыны знакавым, святым месцам з'яўляецца мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць–герой». Ён таксама служыць цэнтрам ваенна-патрыятычнай працы. З 2023 года на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання вядзецца будаўніцтва Рэспубліканскага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі; у чэрвені 2025 года тут была адкрыта першая чарга цэнтра. Аб тым, як выбудавана работа цэнтра, на што робіцца ўпор падчас знаходжання хлопчыкаў і дзяўчынак, якія праграмы і навучальныя комплексы выкарыстоўваюцца, падрабязна расказала дырэктар цэнтра Вольга Васільеўна Бурак.


Вялікі выхаваўчы патэнцыял для моладзі маюць школьныя музеі. Яны служаць цэнтрамі пошукавай, даследчай і экскурсійнай дзейнасці, дазваляючы дзецям дакрануцца да сапраўдных артэфактаў. Менавіта пра такі музей у гімназіі № 1 г. Брэста імя Абаронцаў Брэсцкай крэпасці ішла размова на мерапрыемстве. Быў прадэманстраваны відэафільм аб працы музея, пасля чаго юныя экскурсаводы, навучэнцы 8 класа — Маляўка Яўгенія, Мякішава Анфіса і Мазалеўская Ева — падзяліліся цікавымі фактамі і гісторыяй экспанатаў.


Асноўныя напрамкі дзейнасці моладзі Брэста ў справе захавання гістарычнай спадчыны агучыў у сваім выступленні намеснік старшыні маладзёжнай рады пры Брэсцкай гарадской радзе дэпутатаў Ялавы Павел Сяргеевіч. У ліку прыкладаў рэальнага ўкладу моладзі — афармленне арт-аб'ектаў у стылі графіці па тэматыцы, звязанай з гісторыяй вайны; аблічбоўка памятных месцаў у рамках гісторыка–патрыятычнага праекта «Лічбавая зорка»; работа на пляцоўцы важнейшага аб'екта Усебеларускай маладзёжнай будоўлі — Рэспубліканскага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі ў Брэсцкай крэпасці, а таксама іншыя значныя ініцыятывы.


Потым прагучалі тры выступленні прадстаўнікоў Пензенскай абласной бібліятэкі імя М.Ю. Лермантава. Яны былі прысвечаны Герою Савецкага Саюза, жыхару горада Брэста, ураджэнцу Пензенскага краю Мікалаю Рыгоравічу Макараву; баявому шляху 354–й стралковай Пензенскай дывізіі, якая вызваляла гарады Баранавічы, Калінкавічы і Бабруйск; а таксама значным праектам бібліятэкі, прымеркаваным да Дня Перамогі.


Падчас відэасустрэчы адбылася жывая, зацікаўленая размова, якая адпавядае фармату дыялогавай пляцоўкі, дзе аб'яднаўчым пачаткам з'яўляюцца агульная гісторыя, агульная памяць і імкненне разам працаваць для захавання гістарычнай праўды. Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць умацоўваць сяброўскія сувязі паміж моладдзю дзвюх краін, выхоўваюць пачуццё дачынення да гераічнага мінулага і асабістую адказнасць за яго будучыню.


Агульная чытальная зала

+375 162 57 48 74


Зварот да спісу