Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Сучасныя бібліятэкі з’яўляюцца захавальнікамі вялізнага інфармацыйнага рэсурсу. Фарміруючы яго, бібліятэчная супольнасць аператыўна рэагуе на патрабаванні часу, забяспечваючы задавальненне інфармацыйных і культурных запытаў карыстальнікаў.
11–12 кастрычніка 2023 года на базе ДУК «Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма» адбыўся семінар для дырэктараў бібліятэчных сістэм Брэсцкай і Гродзенскай абласцей «Сучасная публічная бібліятэка: прыярытэты развіцця».
З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуліся: Сяргей Барысавіч Панасюк, начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, Сяргей Мікалаевіч Давыдзік, начальнік аддзела культурна-асветнай работы, мастацтваў і навучальных устаноў упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама і Таццяна Мікалаеўна Кавалёк, начальнік аддзела культуры Бярозаўскага райвыканкама.
А. С. Кузьміна, загадчык аддзела бібліятэказнаўства Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага пазнаёміла ўдзельнікаў з дзейнасцю публічных бібліятэках Брэстчыны ў напрамку выкарыстання ў бібліятэчнай сферы культурнага брэндынгу.
Дзейнасць бібліятэчнай супольнасці Гродзенскай вобласці асвяціла ў сваім выступленні М. Э. Ігнатовіч, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага.
Яркім і запамінальным стаў відэадаклад К. Абушнікавай, галоўнага бібліятэкара Пензенскай абласной бібліятэкі імя М. Ю. Лермантава пра вопыт стварэння мадэльных бібліятэк у Расійскай Федэрацыі (на прыкладзе Пензенскай вобласці).
І. Л. Макарэвіч, дырэктар ДУК «Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма» падзялілася вопытам работы і інавацыйнымі падыходамі для стварэння сучаснай прывабнай бібліятэкі ў віртуальным асяроддзі, а К. Р. Расіцыян, дырэктар ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Гродна» расказала пра краязнаўчыя рэсурсы ўласнай генерацыі як прыярытэт і перспектыву развіцця бібліятэчнай дзейнасці. Вопыт працы па комплексным падыходзе да папулярызацыі роднай мовы і літаратуры ў публічнай бібліятэцы прадставіла Т. А. Рудкоўская, дырэктар ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма г. Баранавічы».
У рамках семінара ў Белаазёрскай гарадской бібліятэцы імя Н. Мацяш адбылася прэзентацыя карпаратыўнага электроннага рэсурсу «Агонь душы Ніны Мацяш», прысвечанага 80-годдзю з дня нараджэння паэткі.
Таксама досведам сваёй працы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны ў бібліятэчнай прасторы падзялілася С. І. Піваварчык, дырэктар ДУК «Свіслацкая раённая бібліятэка», а з дакладам «Праектная дзейнасць як спосаб прасоўвання кнігі і чытання сярод моладзі» выступіла С. А. Мірончык, дырэктар ДУК «Іўеўская раённая бібліятэка».
Практычнае знаёмства з вопытам работы бібліятэк ДУК «Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма» адбылося на базе Бярозаўскай раённай бібліятэкі, Бярозаўскай дзіцячай бібліятэкі, Спораўскай сельскай бібліятэкі, Белаазёрскай гарадской бібліятэкі імя Н. Мацяш і Здзітаўскай аграгарадокскай бібліятэкі. Акрамя таго, удзельнікі семінара наведалі з экскурсіяй філіял Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея «Галерэя мастацтваў» (экспазіцыя «Канцлагер Бяроза-Картузская 1934–1939 гг.») і ўсклалі кветкі да помніка вязням канцлагера.
Аддзел бібліятэказнаўства
+375 162 53 04 40
Кузьмина, А. С. Публичные библиотеки Брестчины…