![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
![]() |
![]() |
![]() |
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
25 лютага 2025 г. для вучняў 2 курса каледжа транспарту і сэрвісу адбыўся бібліяграфічны агляд «Кніжныя прэміі: залатая калекцыя». Дзеці даведаліся пра беларускія, замежныя і расійскія літаратурныя прэміі.
Сярод беларускіх выдзелена Нацыянальная літаратурная прэмія, заснаваная ў 2015 годзе адразу трыма міністэрствамі: Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам культуры і Міністэрствам адукацыі, а таксама Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Праект накіраваны на падтрымку айчыннай мастацкай літаратуры для дарослых, дзяцей і юнацтва ў розных жанрах творчасці, а для пачынаючых аўтараў створана намінацыя «Дэбют».
Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі» праводзіцца з 1960 года з мэтай далейшага развіцця кніжнага мастацтва, павышэння мастацкай і паліграфічнай культуры беларускай кнігі, папулярызацыі лепшых дасягненняў выдавецтваў краіны. Сярод лаўрэатаў конкурсу былі і кнігі, якія маюць непасрэднае дачыненне да нашага горада: «Брест. 1000. Истоки, судьба, наследие» і факсімільнае выданне Брэсцкай Бібліі 1563 г.
Не забыліся і пра нашу — абласную — прэмію імя Уладзіміра Калесніка, якая ўручаецца берасцейскім аўтарам раз на два гады.
Даведаліся хлопцы і пра сусветныя літаратурныя прэміі. Самай вядомай прэміяй, безумоўна, з'яўляецца Нобелеўская, якая ўручаецца з 1901 года. Самы малады лаўрэат прэміі — Рэд'яр Кіплінг (42 гады), а самы ўзроставы — Дорыс Лесінг (87 гадоў). Ішла гаворка і пра найстарэйшую французскую прэмію — Ганкураўскую (з 1903 года): яна ўручаецца аўтару толькі раз у жыцці. Беспрэцэдэнтны выпадак адбыўся з Рамэнам Гары, якому ўдалося атрымаць яе двойчы. Закранулі і Букераўскую прэмію, прэмію імя Агаты Крысці, прэмію ў галіне фантастыкі «Х'юга».
Сярод расійскіх літаратурных прэмій спыніліся на «Вялікай кнізе». Прэмія мае тры прызавыя месцы і ўручаецца аўтарам, якія набралі найбольшую колькасць балаў. Не раз лаўрэатамі станавіліся Яўген Вадалазкін, Аляксей Варламаў і іншыя выдатныя сучаснікі.
Прыемна, што пасля агляду многія госці бібліятэкі ўзялі кнігі дадому.
Аддзел абанемента
+375 162 57 48 09