|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
|
|
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
||||||||
Восень багатая на юбілейныя даты. У кастрычніку споўнілася 155 год з дня нараджэння Івана Аляксеевіча Буніна, і кастрычніцкую сустрэчу ўдзельнікі клуба вырашылі прысвяціць юбіляру.
Буніна называюць паэтам у прозе і празаікам у паэзіі. «Слова — гэта душа, якая не можа быць адабрана, нават калі адбяруць цела», — сказаў ён. Сапраўды, Іван Аляксеевіч пакінуў нашчадкам выдатную прозу, лірычную тонкую паэзію і найвышэйшага ўзроўню літаратурныя пераклады.
Безумоўна, такая цікавая і супярэчлівая асоба выклікала і вялікую цікавасць удзельнікаў, іх неадназначныя адносіны і бурныя спрэчкі. Многія далі высокую ацэнку перакладу Буніным англамоўнай эпічнай паэмы «Песня пра Гаяват» амерыканскага паэта-рамантыка Генры Лангфела. Вельмі светлы след у душы ўдзельніцы пакінулі вершы майстра слова, адзін з якіх з задавальненнем паслухалі. Іншыя палгыбіліся ў кароткі жанр апавядання. Зборнік «Цёмныя алеі» — гэта адзін з лепшых твораў класіка, прысвечаны тэме кахання ва ўсіх яе праявах. Героі Буніна шукаюць шчасця, пяшчоты і разумення, але часта застаюцца самотнымі і расчараванымі. Яго апавяданні поўныя лірызму, паэзіі і музычнасці, але таксама і суму, нуды і безвыходнасці. Многія з апавяданняў заканчваюцца трагічна. Некалькі чытачоў выказалі меркаванне, што, магчыма, такі фінал — следства жыцця аўтара ў эміграцыі: з 1920 па 1953 гады ён пражыў у Францыі. У творах адчуваецца душэўны боль і туга па Радзіме. Зборнік прымушае задумацца аб сэнсе жыцця і каштоўнасці чалавечых пачуццяў. Раман «Жыццё Арсеньева» — лёс галоўнага героя Аляксея Арсеньева шмат у чым сугучны з жыццёвым шляхам І. А. Буніна. Нягледзячы на паэтычнасць і лёгкасць, адчуваецца туга па сядзібнай Расіі, якая пайшла ў нябыт... «Акаянныя дні» Буніна выклікалі розныя меркаванні. У кожным радку боль, адчай і непрыняцце таго, што адбываецца вакол.
Многія члены клуба прачыталі не толькі творы Івана Буніна, але і літаратуру пра яго. «Дваранін, сноб, эстэт» — так характарызавалі Буніна многія сучаснікі. Цвятаева сказала: «Я яго не люблю: халодны, жорсткі, саманадзейны пан». Цікавая паралель была праведзена паміж Прышвіным і Буніным. Прышвін напісаў у сваім дзёньніку: «Учытваўся ў Буніна і раптам зразумеў яго, як самага блізкага мне з усіх рускіх пісьменнікаў. Бунін больш культурны, а я самастойны і мацнейшы. Абодва мы рускія, але Бунін ад дваран, а Прышвін ад купцоў». Хтосьці сцвярджаў, калі вам падабаецца пісьменнік, не чытайце інтэрв'ю з ім ці ягоных дзённікаў, інакш будзеце расчараваныя. Іншыя выказалі меркаванне, што важна вывучыць дэталі біяграфіі, каб зразумець творчасць.
У 1933 годзе Іван Бунін стаў першым рускім аўтарам, удастоеным Нобелеўскай прэміі. Немалую частку атрыманых грошай (прыкладна 120 000 франкаў) ён раздаў простым людзям. Яшчэ адзін цікавы факт: Бунін уганараваны пачэсным званнем Праведніка свету за дапамогу яўрэям у перыяд вайны. Вось такая дзіўная і неадназначная асоба стала тэмай для сустрэчы. Далучайцеся да аматараў чытання і адкрывайце дзіўны свет літаратуры!
Аддзел абанемента
+375 162 57 48 09