Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
З 14 лютага па 31 жніўня ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага праходзіла акцыя «Подарим книгу библиотеке». Акцыя пачалася ў Міжнародны дзень кнігадарэння, галоўная ідэя якога — натхняць людзей дарыць адзін аднаму добрыя кнігі, нагадваць, што папяровая кніга не губляе сваёй каштоўнасці і па-ранейшаму застаецца лепшым падарункам. Падарыць жа кнігу бібліятэцы — значыць, падарыць задавальненне ад знаёмства з новым аўтарам і сюжэтам мноству чытачоў!
За час правядзення акцыі бібліятэцы падорана больш за 1000 кніг, палову з якіх склала дзіцячая і юнацкая літаратура. Усяго ў акцыі прынялі ўдзел 322 чалавекі — чытачы нашай бібліятэкі і жыхары Брэста.
З найбольш цікавых падарункаў — зборы твораў В. Пікуля, Д. Лондана, М. Друона, Р. Гюнтэкіна, А. Крысці; кнігі, якія выходзілі ў серыях «Исторические приключения», «Египетские ночи»; цудоўная серыя выданняў па мастацтве «Великие музеи мира»; энцыклапедыі «Города России» і «Гісторыя банкаўскай справы Беларусі»; фотаальбом «Георгий Жуков»; плакаты часоў Вялікай Айчыннай вайны «Родина-мать зовёт». Сярод дароў таксама шмат навукова-папулярнай, мастацкай (ад класікі да сучаснікаў) літаратуры, энцыклапедый, слоўнікаў, даведнікаў, кніг для дзяцей, выданняў духоўнай накіраванасці.
Дзякуй кожнаму, хто прыняў удзел у акцыі! Самыя шчодрыя дарыльшчыкі: Аляксей Жук, Юлія Рыжанкова, Наталля Казлоўская, Уладзімір Лосеў, Аліна Гуга, Сяргей Крукоўскі, Аляксандр Крываручка, Алена Яўсеева, Уладзімір Старадубцаў, Вольга Фелькіна, Андрэй Шышун, Людміла Паджара, Наталля Барэйка.
Паважаныя чытачы і брастаўчане! У аддзеле абанемента дэманструецца выстава вашых дароў — «Добрая кніга — ад добрага сэрца!». Вядома, на ёй прадстаўлена толькі малая частка выданняў, але ўсе яны вельмі цікавыя і заслугоўваюць вашай увагі. У хуткім часе ўсе падораныя кнігі стануць часткай фонду абласной бібліятэкі і будуць даступны кожнаму з вас.
Аддзел абанемента
+375 162 57 48 09