Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Дзень шведскай і беларускай літаратуры ў Брэсце прайшоў як сапраўднае свята дзяцінства, творчасці, фантазіі і літаратуры!


Мерапрыемства пачалося а 15-й гадзіне 25 красавіка ў чытальнай зале аддзела літаратуры для дзяцей і юнацтва.


На двух экранах у рэжыме нон-стоп амаль дзве гадзіны ішла PowerPoint-прэзентацыя твораў удзельнікаў конкурсу малюнкаў-ілюстрацый да кніг А. Ліндгрэн і прэзентацыя шведска-беларускіх праектаў для дзяцей, рэалізаваных у г. Пінску. Салодкія пачастункі парадавалі ўсіх дзяцей, якія прыйшлі на свята. Для дарослых была арганізавана экспрэс-віктарына на веданне шведскай мастацкай літаратуры. Усе, хто дакладна адказаў на 8 ці 9 пытанняў з 10 прапанаваных, атрымалі падарункі ад арганізатараў.


Для маленькіх удзельнікаў свята Бібліятэка аформіла і прэзентавала кніжную выставу шведскай дзіцячай літаратуры. На выставе прапанаваліся кнігі толькі апошніх гадоў выдання для дзяцей як класікаў шведскай літаратуры, так і сучаснікаў. Натуральна, асобнае месца на выставе было адведзена кнігам Астрыд Ліндгрэн і Сельмы Лагерлёф. Вялікую цікавасць вызвалі пераклады на родную мову кніг папулярных пісьменнікаў Юйі Вісландэр, Тувэ Янсан і самой А. Ліндгрэн (праект выдавецтваў “Літаратура і Мастацтва”, “Мастацкая літаратура” і выдавецтва Зміцера Коласа). Нашы госці мелі магчымасць пазнаёміцца з творамі для дзяцей сучасных шведскіх пісьменнікаў, якія вядомы сёння ва ўсім свеце. Гэта кнігі Ульфа Старка, Аніты Тор, Свена Нурдквіста і Марыі Грыппэ.


З вялікім поспехам выступілі на нашым свяце шаноўныя госці з Мінску. Артысты- лялечнікі Святлана Бень і Вераніка Фаміна завіталі да нас са сваім куфэркам і прывезлі цудоўную пастаноўку па кнізе Юйі Вісландэр “Мама Му чытае” пра незвычайную і гарэзлівую карову. Таксама у нас на свяце адбылася прэм’ера другой часткі гэтай гісторыі – “Мама Му прыбірае”.


Упрыгожыла свята выступленне дзіцячага гурта старажытнай музыкі “Saltarello” (кіраўнік Юрый Дубнавіцкі, г. Пінск).


На ўрачыстай частцы свята былі падведзены вынікі ўсіх конкурсаў, якія былі прымеркаваны да гэтага дня, у тым ліку і конкурсу малюнкаў-ілюстрацый да кніг А. Ліндгрэн. У конкурсе ўзялі ўдзел 108 юных мастакоў г. Брэста ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў.


Увогуле дзеці з 18-ці навучальных устаноў горада сталі ўдзельнікамі конкурсу, 9 гарадскіх школ прадставілі даволі вялікія групы дзяцей. Гэта школы №№ 10, 26, 30, 25, 14, 7, 20, гімназія № 1 і СШ в. Чэрні Брэсцкага раёну. Абсалютная большасць дзяцей малявала толькі двух герояў А. Ліндгрэн – вясёлую дзяўчынку Пэпі Доўгаяпанчоха і Карлсана, які жыве на даху. Таму асабліва трэба адзначыць тых, хто прачытаў іншыя кнігі сусветна вядомай пісьменніцы. Перш за ўсё, гэта вучні СШ № 20. На жаль, па-за межамі конкурсу засталіся малюнкі ўдзельнікаў з Баранавічаў, Пінску, Пінскага і Ляхавіцкага раёнаў. Навучэнцы Пінскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната даслалі цудоўныя работы, якія тычацца любімай кнігі самой пісьменніцы – “Эміль з Лёнеберге”. Пераможцамі сталі 10 мастакоў, малюнкі якіх адпавядалі патрабаванням журы. Перш за ўсё, гэта самастойнасць дзіцячай працы, адсутнасць капіравання вядомых кніжных і іншых ілюстрацый. Таксама ўлічваўся ўзрост удзельніка і арыгінальнасць малюнка. Шэсць пераможцаў з дзесяці - вучні СШ № 10, два – з СШ № 26 і па аднаму ў СШ № 30 і школы в. Чэрні.


"Пераможцы Конкурса малюнкаў-ілюстрацый да кніг Астрыд Ліндгрэн"


Журы было складана выбраць 10 лепшых малюнкаў, але нарэшце абвяшчаем вынікі Конкурса малюнкаў-ілюстрацый да кніг Астрыд Ліндгрэн.

Пераможцамі сталі:

1. Ібрагімава Дзіяна, 12 гадоў, вучаніца сярэдняй школы в. Чэрні Брэсцкага р-на (малюнак “Пэпі ляціць”)
2. Сакута Вікторыя, 7 гадоў, вучаніца сярэдняй школы № 26 г. Брэста, (малюнак “Карлсан вяртаецца”)
3. Андрэева Дар’я, 6 гадоў, вучаніца сярэдняй школы № 26 г. Брэста, (малюнак “Карлсан на даху”)
4. Сінкевіч Вікторыя, 10 гадоў, вучаніца сярэдняй школы № 10 г. Брэста, (малюнак “Партрэт Пэпі”)
5. Масюк Карына, 9 гадоў, вучаніца сярэдняй школы № 10 г. Брэста, (малюнак “Вясёлая дзяўчынка Пэпі”)
6. Гайко Настасся, 8 гадоў, вучаніца сярэдняй школы № 10 г. Брэста, (малюнак “Пэпі і яе любімы конік”)
7. Андрушкевіч Барыс, 8 гадоў, вучань сярэдняй школы № 10 г. Брэста, (малюнак “У гасцях у Пэпі”)
8. Дарашук Яна, 8 гадоў, вучаніца сярэдняй школы № 10 г. Брэста, (малюнак “Пэпі Доўгаяпанчоха”)
9. Лаўрэнчык Дзмітрый, 10 гадоў, вучань сярэдняй школы № 10 г. Брэста, (малюнак “Палёт Карлсана над Стакгольмам”)
10. Ляшкевіч Вераніка, 11 гадоў, вучаніца сярэдняй школы № 30 г. Брэста імя Д. Б. Гвішыані, (малюнак “Пэпі Доўгаяпанчоха”)


Але прыгожыя малюнкі астатніх удзельнікаў не засталіся незаўважанымі! Малюнкі ўсіх удзельнікаў Конкурса былі ўключаныя ў PowerPoint прэзентацыю-выставу, якая дэманстравалася ў Брэсце 25 красавіка 2013 г.падчас правядзення Дня шведскай і беларускай літаратуры.