Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Аддзел літаратуры па мастацтве запрашае наведаць выставу «Давайте понимать друг друга с полуслова…», прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння кампазітара, лірыка 60-х, празаіка, сцэнарыста і легендарнага барда — Булата Акуджавы.
Нарадзіўся Булат Шалвавіч 9 мая 1924 года ў Маскве. Сям’я часта пераязджала, але большая частка яго дзяцінства прайшла ў цэнтры сталіцы, на Арбаце. «Маленькі дворык арбацкі» пасля стаў асобнай тэмай у творчасці паэта, ён згадваецца ў 36 вершах. У 1937–1938 гадах бацькі Булата Акуджавы былі рэпрэсіраваны, а ён паехаў да сваёй радні ў Тбілісі, там вучыўся ў школе, працаваў на заводзе і пісаў вершы. А ў 1942 годзе яшчэ школьнік Булат Акуджава пайшоў дабравольцам на фронт. Менавіта пра школьнікаў, якія пайшлі на вайну, у 1961 годзе Акуджава напісаў аўтабіяграфічную аповесць «Будь здоров, школяр».
Вайна назаўжды пакінула свой трагічны след у жыцці паэта. На фронце Булат Шалвавіч напісаў сваю першую песню. А першы зборнік вершаў Акуджавы выйшаў у 1956 годзе ў Калузе, дзе паэт працаваў настаўнікам пасля заканчэння філалагічнага факультэта Тбіліскага ўніверсітэта. У 1960–1980-я гады Булат Акуджава як паэт і выканаўца сваіх песень пад гітару атрымаў шырокае прызнанне, стаўшы адным з заснавальнікаў жанру аўтарскай песні. Мастацтва выканання песень гэтага жанру, на думку спевака, заключаецца ва ўменні выказаць аўтарскую задумку, а не ў майстэрстве інтэрпрэтацыі. Таму многія спробы выканання яго песень прафесійнымі спевакамі Акуджава лічыў малаўдалымі за рэдкім выключэннем (А. Камбурава).
Творчасць Булата Акуджавы ўвасабляе сабой цэлую эпоху. Уяўная прастата вершаў і песень, якія з’яўляюцца адлюстраваннем яго ўласных адчуванняў і рэакцыяй на тыя ці іншыя падзеі, дае магчымасць кожнаму прымяніць іх да сябе і свайго жыцця. Булат Шалвавіч напісаў больш за 200 песень: пра Вялікую Айчынную вайну, пра талент, прыгажосць, пра мінулае і сучаснасць Радзімы. Многія з іх гучаць у вядомых кінафільмах і напісаны ў супрацоўніцтве з Ісаакам Шварцам.
У экспазіцыі прадстаўлены кнігі пра жыццё і творчасць Булата Акуджавы, нотныя выданні, зборнікі вершаў. А таксама — грампласцінкі і кампакт-дыскі, песні на якіх выконваюць сам аўтар, Алена Камбурава, Ніна Ургант, Жанна Бічэўская і іншыя.
Выстава адкрыта да канца мая.
Аддзел літаратуры па мастацтве
+375 162 57 48 78