Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
RU
 

Віртуальны музей Непрачытаная кніга В. Ф. Праскурава


Партнёры

Бібліятэка падтрымлівае партнёрскія сувязі з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі, міжнароднымі культурнымі арганізацыямі і цэнтрамі розных краін свету, буйнымі бібліятэкамі, дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь і замежных краін.


Цэнтр інфармацыі, культуры і адукацыі Амбасады ЗША ў Беларусі

З 2001 г. дзейнічае «Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж інфармацыйным цэнтрам аддзела інфармацыі, адукацыі і культуры Амбасады ЗША ў Беларусі і Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага», згодна з якім на базе аддзела літаратуры на замежных мовах створаны і працуе цэнтр «Усё пра ЗША» (InfoUSA Brest).


Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь і Інстытут імя Гётэ ў Мінску

У партнёрстве з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску ў 1996 г. у аддзеле літаратуры на замежных мовах бібліятэкі адкрыты куток нямецкай мовы, пасля перайменаваны ў Цэнтр вывучэння нямецкай мовы як замежнай. Дзякуючы супрацоўніцтву фонд аддзела рэгулярна папаўняецца актуальнымі і сучаснымі выданнямі на нямецкай мове. З Пасольствам ФРГ у Рэспубліцы Беларусь бібліятэка супрацоўнічае з 1998 г., а з 2007 г. з’яўляецца нязменным партнёрам Пасольства ФРГ і Інстытута імя Гётэ ў праекце «Тыдні нямецкай мовы і культуры ў Брэсце».


Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь і Франка-беларуская зала інфармацыі г. Мінска пры Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна

Супрацоўніцтва пачалося ў 1998 г., калі бібліятэку ўпершыню наведалі дыпламатычныя прадстаўнікі Францыі ў Беларусі і падарылі калекцыю кніг з серыі «Que sais-je? = Што я ведаю?». У 2002 г. у бібліятэцы прэзентавана «Перасоўная міні-бібліятэка французскай літаратуры». Штогод у сакавіку бібліятэка праводзіць Дні франкафоніі, шэраг мерапрыемстваў па папулярызацыі французскай мовы і культуры.


Пасольства Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь

Супрацоўнічае з бібліятэкай з 2019 г. На базе аддзела літаратуры на замежных мовах дзейнічае аматарскае аб’яднанне чытачоў, якія цікавяцца карэйскай культурай і вывучаюць карэйскую мову.


Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце

Актыўна падтрымлівае культурныя ініцыятывы бібліятэкі, якія рэалізуюцца сумесна з польскімі калегамі. Праводзяцца сустрэчы з вядомымі польскімі аўтарамі кніг для дзяцей, польскімі бібліятэкарамі ў рамках праекта «Польскія суботы ў бібліятэцы». Консульства аказвае дапамогу і арганізацыйную падтрымку ў правядзенні навукова-практычнай канферэнцыі «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання».


Генеральнае консульства Расійскай Федэрацыі ў г. Брэсце

Пры падтрымцы консульства з 2002 г. рэалізоўваўся «Рускі праект». У розны час бібліятэка атрымала больш за 2,5 тыс., а публічныя бібліятэкі Брэсцкай вобласці — 16 тыс. экзэмпляраў кніг вядомых расійскіх выдавецтваў. У 2014 г. у Брэсце пачаў працу Расійскі цэнтр навукі і культуры (РЦНК), з якім бібліятэка праводзіць значныя культурна-асветныя мерапрыемствы: прэзентацыі выязных кніжных выстаў, арганізацыі літаратурных сустрэч і конкурсаў.


Консульства Украіны ў г. Брэсце

З’яўляецца шматгадовым партнёрам бібліятэкі ў прасоўванні ўкраінскай культуры, гісторыі і літаратуры на тэрыторыі Брэстчыны. Сумесна з Брэсцкім аддзяленнем украінскага таварыства «Просвіта», Брэсцкім абласным аб’яднаннем Украінскага навукова-педагагічнага саюза «Берагіня» праводзяцца літаратурныя вечарыны, прэзентацыі кніг, сустрэчы са спецыялістамі ў галіне культуры і літаратуры.


Расійская нацыянальная бібліятэка (г. Санкт-Пецярбург)

Стала партнёрам бібліятэкі ў рэалізацыі праекта «Сапегіяна: кніжны збор роду Сапегаў» (2011). Праект выконваўся пад эгідай ЮНЕСКА сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Спецыялісты РНБ — пастаянныя ўдзельнікі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання».


Цэнтральны дзяржаўны архіў г. Санкт-Пецярбурга

Пагадненне аб супрацоўніцтве заключана ў 2018 г. Яно прадугледжвае двухбаковы абмен дакументамі і інфармацыйнымі матэрыяламі, якія прадстаўляюць узаемную цікавасць. Сумесная праца архіва і бібліятэкі спрыяе ўсталяванню сувязяў у сферы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва і выкарыстанні агульнага патэнцыялу ўстаноў для вырашэння пытанняў, звязаных з арганізацыяй доступу карыстальнікаў да інфармацыйных рэсурсаў па гісторыі Брэстчыны.


Ваяводская бібліятэка імя І. Лапацінскага г. Любліна (Рэспубліка Польшча)

Афіцыйным партнёрам бібліятэкі стала ў маі 2018 г. на падставе дамовы аб супрацоўніцтве, падпісанага на ўрачыстым адкрыцці IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання». У 2019 г. бібліятэка стала ўдзельніцай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў г. Любліне, прысвечанай 450-годдзю падпісання Люблінскай Уніі, на якой прагучаў даклад «Бібліятэка на мяжы. Рэгіянальна-краязнаўчыя асаблівасці функцыянавання публічнай бібліятэкі: на прыкладзе работы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага».


Гарадская публічная бібліятэка г. Бяла-Падляска (Рэспубліка Польшча)

У 2018 г. споўнілася 30 гадоў плённай сумеснай дзейнасці. Яна знаходзіць падтрымку Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце. Супрацоўніцтва вядзецца ў такіх галінах як выкананне інфармацыйна-бібліяграфічных запытаў, папулярызацыя ведаў аб прыгранічных рэгіёнах, культурна-асветніцкая, публіцыстычная і навуковая-даследчая дзейнасць, кнігаабмен, праца з чытачамі-дзецьмі і бацькамі (правядзенне «Польскіх субот у бібліятэцы» ў Брэсце і Дзён беларускай культуры ў Бяла-Падлясцы).


СП «Санта Імпэкс Брэст» ТАА

Буйное прадпрыемства рэгіёна дапамагае бібліятэцы ў набыцці каштоўных для гісторыі і культуры Брэстчыны выданняў для камплектавання аддзела рэдкай кнігі, з’яўляецца партнёрам у арганізацыі правядзення міжнародных навукова-практычных канферэнцый «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання».


Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна

Сумесна з кафедрамі ўніверсітэта праводзіцца разнапланавая работа: супрацоўнікі бібліятэкі прымаюць удзел у правядзенні канферэнцый, прэзентуюць кніжныя выставы; выкладчыкі часта з’яўляюцца вядучымі і мадэратарамі бібліятэчных мерапрыемстваў, удзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні бібліятэчных навукова-практычных канферэнцый і круглых сталоў.


Выдавецкі дом «Звязда»

У 2007 г. завязалася супрацоўніцтва з РВУ «ЛіМ» (цяпер уваходзіць у выдавецкі дом «Звязда»). Рэалізаваны праект «Берасцейскае вогнішча», вынікам якога стала выданне кніг берасцейскіх аўтараў. На базе агульнай чытальнай залы бібліятэкі фарміруецца калекцыя А. М. Карлюкевіча, дзяржаўнага дзеяча, краязнаўца, журналіста, пісьменніка. Бібліятэка падрыхтавала і выпусціла 2 выданні біябібліяграфічнага паказальніка «Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч».


Брэсцкія абласныя філіі «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і «Саюз беларускіх пісьменнікаў»

З удзелам сябраў абласных літаратурных аб’яднанняў у бібліятэцы праходзяць прэзентацыі новых выданняў, творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, паэтычныя марафоны і чытанні, арганізуюцца стацыянарныя і выязныя кніжныя выставы. Бібліятэка бярэ ўдзел у працы аргкамітэта абласной літаратурнай прэміі імя У. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама.


Рэгіянальны цэнтр прававой інфармацыі (РЦПІ)

Бібліятэка знаходзіцца ў партнёрскіх адносінах з РЦПІ. У агульнай чытальнай зале працуе Публічны цэнтр прававой інфармацыі (ПЦПІ). У бібліятэцы арганізавана работа «Школы прававых ведаў» і «Школы правоў дзяцей», рэалізуюцца сумесна з Брэсцкай абласной калегіяй адвакатаў і Брэсцкай абласной натарыяльнай палатай віртуальныя праекты «Адвакат online» і «Натарыус оnline». Бібліятэка ажыццяўляе метадычнае ўзаемадзеянне паміж бібліятэкамі сістэмы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па стварэнні ПЦПІ ў вобласці.


ДУА «Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі»

Бібліятэка прымае ўдзел у штогадовых калегіях галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама — арганізуе і прэзентуе выязныя кніжныя выставы; праводзіць на сваёй базе Дні інфармавання ў рамках работы абласных курсаў і метадычных аб’яднанняў педагогаў.


ДУА «Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя У. І. Хована»

У 2015 г. было падпісана «Пагадненне аб культурна-асветніцкім і адукацыйным супрацоўніцтве» з сярэдняй школай № 13 г. Брэста, мэтай якога з’яўляецца пашырэнне межаў традыцыйнага супрацоўніцтва школ і бібліятэк праз стварэнне сучаснага, прывабнага для навучэнцаў культурна-адукацыйнага асяроддзя. У рамках супрацоўніцтва рэалізуюцца сумесныя праекты па прасоўванні кнігі і чытання ў асяроддзе дзяцей і падлеткаў (флэшмоб «Я іду ў бібліятэку!», «Школа паспяховага чытання», культурна-адукацыйная акцыя «Бібліятэчны дэсант»), праходзяць літаратурныя сустрэчы, гульні, конкурсы і майстар-класы па лепшых дзіцячых кнігах.


ДУА «Яслі-сад № 3 г. Брэста»

Установа дашкольнай адукацыі з 2016 г. з’яўляецца партнёрам абласной бібліятэкі ў папулярызацыі беларускай мовы і культуры ў сямейным асяроддзі, а таксама беларускай дзіцячай літаратуры. У цыкле мультыжанравых мерапрыемстваў «Мая кніжная сядзіба» штогод праходзяць сямейныя сустрэчы і знаёмствы з лепшымі дзіцячымі кнігамі на роднай мове, арганізуюцца майстар-класы і гучныя чытанні.