Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Кніжная выстава «Імгненні важаць болей, чым гады…»

Кніжная выстава «Імгненні важаць болей, чым гады…»

Кніжная выстава «Імгненні важаць болей, чым гады…»

У аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Бібліятэкі пачала работу кніжная выстава «Імгненні важаць болей, чым гады…», прысвечаная юбілею пісьменніка Алеся Паплаўскага (1958).


Алесь Паплаўскі нарадзіўся ў 1958 годзе ў в. Мазуры Кобрынскага раёна. Пасля заканчэння ў 1975 г. Шамятоўскай СШ вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме. У 1988 г. скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут па спецыяльнасці «Лясная гаспадарка». Працаваў у лясгасах Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. Зараз жыве і працуе ў Брэсце.


Алесь Паплаўскі — аўтар трох паэтычных зборнікаў: «Спынены лістапад» (Брэст, 1997), «Незваротнасць» (Брэст, 2001), «Скрыжалі душы» (Мінск, 2013), а таксама кніжак прозы «Тэрыторыя скразнякоў» (Брэст, 2000), «Пастка для рэха» (Мінск, 2009). Ён — член Саюза беларускіх пісьменнікаў (2003), лаўрэат абласной прэміі за кнігу аповесцей «Тэрыторыя скразнякоў» (2004), у 2009 г. атрымаў Літаратурную прэмію аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка ў галіне прозы за кнігу «Пастка для рэха», а за аповесць «Лапідо», апублікаваную ў часопісе «Дзеяслоў» у 2012 г., пісьменнік стаў лаўрэатам рэспубліканскай прэміі «Залаты апостраф».


Кніжная выстава складаецца з некалькіх раздзелаў. Першы раздзел прысвечаны творчасці пісьменніка. Ён уключае кнігі Алеся Паплаўскага і творы, якія апублікаваны ў вядомых літаратурна-мастацкіх часопісах: «Маладосць», «Крыніца», «Першацвет», «Тэрмапілы», «Дзеяслоў». Ёсць тут і першая публікацыя — верш «Рыжегубой тоской увядающий лес…», які быў апублікаваны ў газеце «Сельскае жыццё» (Маларыта) у 1988 г.


У раздзеле «Аб жыцці і дзейнасці» прадстаўлены кнігі, артыкулы з часопісаў і газет, фотаздымкі з асабістага архіва пісьменніка і фотаархіва Бібліятэкі. Крытыка неаднаразова адзначала, што Алесь Паплаўскі шукае свой асаблівы спосаб размовы з чытачом. А сам пісьменнік лічыць свае творы псіхалагічнымі галаваломкамі.


Алесь Паплаўскі — асоба рознабаковая: піша вершы і прозу, складае песні і выконвае іх, займаецца прафесійна фатаграфіяй і праводзіць фотавыставы.


Кніжная выстава «Імгненні важаць болей, чым гады…» будзе працаваць у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі да сярэдзіны чэрвеня.


Бельская Алена Лявонцьеўна, бібліёграф аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Тэлефон для даведак: + 375 162 57 48 79


Возврат к списку