Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
 

Электронны рэсурс «Агонь душы Ніны Мацяш»

Электронны рэсурс «Шчыраверная слову. Галіна Малажай»

Электронны рэсурс «Уладзімір Калеснік — чалавек Адраджэння»

Віртуальны музей «Ян Чачот — прадвеснік беларускага Адраджэння»

Электронный ресурс «Узняцца да лёсу чалавечага: да 75-годдзя з дня нараджэння Валянцiны Локун (1946–2016)»



Удзел у святкаванні XXX Дня беларускага пісьменства

Удзел у святкаванні XXX Дня беларускага пісьменства

Удзел у святкаванні XXX Дня беларускага пісьменства

2–3 верасня 2023 г. Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага прыняла ўдзел у святкаванні XXX Дня беларускага пісьменства, які прайшоў у Гарадку (Віцебская вобласць).

 

Бібліятэка падрыхтавала выставу «Мая зямля — маё натхненне. # 1 рэгіён», якая прадставіла найбольш адметныя кніжныя праекты, гісторыка-культурную спадчыну і літаратурнае жыццё рэгіёну.

 

Першы раздзел выставы «Кніжныя праекты Брэстчыны» змясціў значныя кніжныя праекты апошніх 30 гадоў і цікавыя навінкі: «Брэст на старадаўніх картах і планах» (Мінск, 2019), «Брэст і наваколле ад старажытнасці да сучаснасці» (Мінск, 2020 г.) і інш.; шэраг кніг да юбілею нашага горада, сярод якіх энцыклапедыі «Брэст. Брест. Brest. 1000» (Мінск, 2019), «Брест 1000. Истоки. Судьба. Наследие» (Брэст, 2019), трэцяя частка навукова-папулярнай манаграфіі краязнаўца-гісторыка Анатоля Гладышчука «Замок Берестейский» (Гродна, 2017–2019). Дастойнае месца занялі выданні, прысвечаныя Брэсцкай крэпасці; зборнікі дакументаў і матэрыялаў Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці; падарунак абласной бібліятэцы з подпісам архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана «Брестская епархия: история и современность» (Мінск, 2020) і інш.

 

Асобная частка выставы знаёміла з гісторыяй развіцця мастацкага слова на Берасцейшчыне і знакавымі асобамі літаратараў. Былі шырока прадстаўлены кнігі пісьменнікаў-лаўрэатаў Літаратурнай прэміі імя У. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама. Прэмія была заснавана ў 2007 годзе і на сёння налічвае амаль 50 лаўрэатаў у намінацыях «Проза», «Паэзія» і «Дзіцячая літаратура». Сярод зоркавых імён такія аўтары, як Зінаіда Дюдзюк, Васіль Ласковіч, Міхась Рудкоўскі, Аляксандр Валковіч, Надзея Парчук, Анатоль Брытун і інш. Экспазіцыю дапоўнілі творчыя праекты Брэсцкай абласной бібліятэкі: зборнікі матэрыялаў і дакладаў навукова-практычных канферэнцый «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання», «Імянны і геаграфічны паказальнік да кніг “Памяць” па Брэсцкай вобласці», шэраг тэматычных і персанальных бібліяграфічных паказальнікаў.

 

Апошні раздзел выставы быў прысвечаны кніжным сталіцам Брэстчыны: Пінску (1998 г.), Камянцу (2005 г. ), Ганцавічам (2011 г.) і Іванаву (2018 г.), агульнаму эканамічнаму і культурнаму развіццю гэтых рэгіёнаў, іх своеасаблівым сімвалам — нацыянальнаму парку «Белавежская пушча» ў Камянецкім раёне і знакамітаму ураджэнцу Іванаўскага раёна Напалеону Ордзе. Шырока была прадстаўлена творчасць мясцовых пісьменнікаў і ўраджэнцаў. Многія выданні, прадстаўленыя на выставе, выходзілі невялікімі тыражамі сёння з’яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю, знайсці іх можна толькі ў фондзе абласной бібліятэкі.

 

На бібліятэчнай пляцоўцы члены і сябры Брэсцкага аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» прадставілі сучасную берасцейскую прозу і паэзію, пазнаёмілі з цікавымі творчымі праектамі берасцейскіх аўтараў. Перад гледачамі выступілі Таццяна Дземідовіч, Васіль Жушма, Аксана Валуй, Зінаіда Дудзюк, Анатоль Бензярук, Алёна Папко, Наталля Кандрашук. Столінскі паэт Васіль Казачок перадаў у фонд аддзела краязнаўства свой апошні зборнік вершаў «Я веру».

 

Пляцоўку Брэсцкай абласной бібліятэкі наведалі віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук, старшыня упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Панасюк, старшыня Саюза пісьменннікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч і іншыя афіцыйныя госці свята беларускага пісьменства.

 

Прыемна адзначыць, што ў наступным годзе Дзень беларускага пісьменства мы зноў будзем сустракаць на Берасцейшчыне — у слаўным горадзе Івацэвічы!

 

 

Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці

+375 162 57 48 76

 



Зварот да спісу