Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
17 красавіка кніжны праект «Кантэкст» у чарговы раз сабраў жыхароў Брэста. Тэма сустрэчы — «Псіхалогія для жыцця: шлях да сябе». Статыстыка паказвае, што псіхалагічная літаратура ўваходзіць у рэйтынг чытацкіх пераваг.
У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага кожны наведвальнік знойдзе кнігу на свой густ. У фондзе ёсць як класічныя псіхалагічныя працы, так і навінкі.
Супрацоўніца аддзела абанемента Ксенія Жук прэзентавала ўдзельнікам новыя выданні па псіхалогіі, якія карыстаюцца поспехам у чытачоў. Сярод іх апынуліся «Герои книг на приёме у психотерапевта» А. Ботлінгера і К. Хохбруна, «Магия утра» Х. Элрода, «Пять травм, которые мешают быть самим собой» Л. Бурбо. Акрамя гэтага, успомнілі і бестселеры: «Подсознание может всё» Д. Кехо, «Разбуди в себе исполина» Э. Роббінса.
Прысутныя падзяліліся ўражаннямі аб прачытаным. Адзначылі кнігі «Охота за мыслью» В. Л. Леві і «Будущее разума» М. Каку. «Великие психологи» С. Арыстава з серыі ЖЗЛ таксама ў спісе чытацкіх любімчыкаў. Успомнілі пра аўстрыйскага псіхіятра, псіхолага, філосафа В. Франкла, які прайшоў праз нацысцкія лагеры. У 1942 г. ён трапіў туды разам з сям'ёй, дзе прабыў тры гады. Псіхолаг падвяргаўся псіхалагічнаму і фізічнаму гвалту. Разам з тым быў ягоным назіральнікам. За час, праведзены ў цяжкіх умовах, пісьменнік змог знайсці адказы на экзістэнцыяльныя пытанні.
Асаблівую ўвагу надалі кнізе «Тайная опора. Привязанность в жизни ребёнка» Л. Петраноўскай. Аўтар расказвае пра бацькоўскую ролю ў выхаванні, апісвае, якія ўчынкі разбураюць, а якія ўмацоўваюць псіхіку і асобу дзіцяці. Галоўная апора для чалавека — безумоўнае каханне.
Абмеркавалі і кнігі, прысвечаныя псіхалогіі падлеткаў. «Я поживу ещё немного. Дневник подростка» Н. Губанавай апавядае пра пачуцці неразумення, роспачы, гора, усёпаглынальнага болю. Аўтар кнігі спрабуе адказаць на пытанне: як правільна падтрымаць падлетка ў цяжкія часы?
Дзіцячая жорсткасць — яшчэ адно актуальнае пытанне кніжнай сустрэчы. Удзельнікі разгледзелі апавяданне «Убийца» Я. Грышкаўца. Пісьменнік становіцца наведвальнікам папраўча-працоўнай калоніі строгага рэжыму. Калі прыязджае дадому, паглыбіўся ў дзіцячыя ўспаміны, аналізуе жорсткі ўчынак хлопчыка, разважае аб вытоках жорсткасці.
«Кантэкст» запрашае аматараў чытання на новыя сустрэчы!
Аддзел абанемента
+375 162 57 48 09