Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
RU
 

Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Глазава «Симфония еврейского древа Брестчины»

Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Глазава «Симфония еврейского древа Брестчины»

Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Глазава «Симфония еврейского древа Брестчины»

23 кастрычніка 2019 г. у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Глазава «Симфония еврейского древа Брестчины» (Брэст, 2019).

«Симфония еврейского древа Брестчины» — кніга аб знакамітых земляках. Яна ўяўляе сабой цыкл нарысаў, якія друкаваліся ў газеце «Брестский курьер» на працягу некалькіх гадоў у рамках праекта «Фамильное древо Бреста». Гэта другое выданне, выпраўленае і дапоўненае аўтарам. Першае — «Симфония еврейских судеб Брестчины» (Брэст, 2015), карыстаецца ў чытачоў вялікім поспехам і часта экспануецца на кніжных выставах разнастайнай тэматыкі.

У працэсе свайго выступлення аўтар знаёміў з героямі нарысаў — на экране прысутныя маглі ўбачыць іх партрэты. У некаторых выпадках партрэты так і не былі знойдзены, што, на думку Уладзіміра Глазава, значна ўскладніла яго пісьменніцкую задачу. Аўтар адзначыў, што для яго быў прынцыпова важны парадак прытрымлівання нарысаў адно за адным: ад матэматыка Якава Громера, з якога пачыналася ўся праца, да — праз шэсць гадоў — фінансіста і банкіра Абрама Зака. Сярод героеў прэзентуемай кнігі: мастакі Ян Лебенштэйн і Якаў Балглей, паэт Анна Марголін (піша на ідыш) і пісьменніца Айн Рэнд, амерыканскія палітыкі Дэвід Дубінскі і Джэй Лаўстан, зорка палітычнага вышуку царскай Расіі Аляксандр Гартінг і інш.

Музычнае суправаджэнне сустрэчы складалася з невялікіх твораў кампазітараў, ураджэнцаў Брэст-Літоўска, Луіса Грюнберга і Ісідора Фрыда, а таксама кампазіцый блюзмэна Мадді Уотэрса.

Сярод выступоўцаў і гасцей мерапрыемства — ідэйны натхніцель і аўтар праекта «Фамильное древо Бреста» паэт і журналіст Мікалай Аляксандраў, пісьменнік і журналіст Васіль Сарычаў, кандыдаты гістарычных навук, дацэнты БрДУ імя А. С. Пушкіна Бодак Андрэй Юр’евіч і Свірыд Аляксандр Мікалаевіч і інш.

Супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі была падрыхтавана кніжная выстава «Имена и времена», на якой прадстаўляліся некаторыя ксеракопіі публікацый Уладзіміра Глазава з газеты «Брестский курьер», прысвечаныя лёсам героеў, якія ўвайшлі ў прэзентуемае выданне. На выставе таксама можна было пабачыць шэраг плакатаў, якія выдаваліся ў рамках праекта «Фамильное древо Бреста».

Напрыканцы мерапрыемства ва ўсіх прысутных была магчымасць набыць прэзентуемае выданне і атрымаць аўтограф пісьменніка.

Жэлянгоўская Ірына Іванаўна,

заг. аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79



Зварот да спісу