Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
30 мая 2021 г. адбылася чарговая сустрэча членаў чытацкага клуба КанТэкст па тэме «Сучасная замежная літаратура: чытаем і абмяркоўваем». Сённяшнюю літаратуру замежжа адкрывае для нас часопіс «Иностранная литература». Па сцвярджэнні галоўнага рэдактара А. Ліверганта, часопіс арыентуецца на тое, чаго няма ў кнігарнях, стараецца апярэджваць выдаўцоў перакладной літаратуры. Дэвізам часопіса па-ранейшаму застаецца: «Пазнай заўтрашніх класікаў!».
Гэты часопіс і стаў галоўнай тэмай абмеркавання на сустрэчы.
Раман Э. Мантандон «Жить возле лип» — шматступеньчатая літаратурная містыфікацыя. Васямнаццаць маладых сябраў асацыяцыі раманскіх (г. з. франкафонных) пісьменнікаў Швейцарыі — AJAR — распачалі розыгрыш, годны «цёзкі» гэтага літаратурнага феномена, французскага класіка Рамэна Гары (Эміля Ажара). Але сюжэт рамана-розыгрышу атрымаўся вельмі трагічным (ИЛ, 2019, № 4).
Удзельнікі сустрэчы звярнулі ўвагу на спэцвыпускі часопіса. Адзін з іх — «Край книг и роз: современная каталонская литература». Сярод падборкі каталонскіх аўтараў Марта Ф. Салдата і яе раман «Секрет счастья жареной курицы». Галоўная гераіня крок за крокам парывае з механічнай руцінай існавання і спрабуе распазнаць ўласны лёс і прызначэнне — «…секрет счастья жареной курицы в том, чтобы найти вкус себя самого».
У раздзеле «Каталония сегодня» — фрагменты кнігі М. Тры «Неизбежный конфликт». Гэта кароткі нарыс барацьбы Каталоніі за незалежнасць, напісаны англічанінам, які стаў каталонцам (ИЛ, 2020, № 10).
Не абышлі ўвагай спецвыпуск «Сорок лет без Набокова», дзе сабраны лісты, інтэрв’ю, успаміны. Вокладка часопіса таксама незвычайная — любімыя матылі пісьменніка. Набокаў прафесійна займаўся энтамалогіяй, адкрыўшы шмат новых відаў насякомых. У яго гонар і імёнамі герояў яго твораў былі названыя звыш 30 відаў матылькоў (ИЛ, 2017, № 6).
Адзначылі праект часопіса да 100-годдзя Першай сусветнай вайны — «Литературный гид: 100-летие Великой войны». Нумар уключае фрагмент дакументальнай кнігі «Заветы юности» В. Брытэн, якая была сястрой міласэрнасці на палях бітваў і ў шпіталях, тры вершы англійскага паэта З. Сасуна (1883–1967), главы з кнігі «Со всем этим покончено» англійскага паэта і раманіста Р. Грэвза (1895–1985) — бясстраснае апісанне ваенных будняў, подзвігаў і пакут. У падборку польскіх аўтараў увайшлі песні часоў Вялікай вайны і аповесць Б. Астроўскай «Геройский Мишка, или Приключения плюшевого медвежонка на войне», упершыню перакладзеная на рускую мову (ИЛ, 2014, № 8).
2021 год часопіс адкрывае раманам «С Днём рождения, друг!» Б. Бэйнбрыдж, якая пяць разоў намінавалася на Букера, была названа нацыянальным здабыткам, уключана ў спіс 50 выбітных брытанскіх пісьменнікаў другой паловы XX ст., але пры гэтым амаль невядомая ў нас.
Гэта толькі некаторыя творы, пра якія ішла гаворка. Як заўсёды сустрэча была змястоўнай і цікавай.
Далучайцеся да клуба аматараў чытання. Будзем рады!
Равенка Наталля Анатольеўна,
гал. бібліятэкар аддзела абанемента
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 09