Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
RU
 

«Беларусь 1941 – 1944 »

«Беларусь 1941 – 1944 »

«Беларусь 1941 – 1944 »

Напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага прыняла ўдзел ва ўрачыстым пленуме абласнога савета ветэранаў, які адбыўся 28 чэрвеня 2019 г. у канферэнц-зале Брэсцкага аблвыканкама.


Супрацоўнікі аддзелаў абанемента і агульнай чытальнай залы Бібліятэкі для ўдзельнікаў Пленума зладзілі выставу літаратуры «Беларусь 1941–1944: подвиг, трагедия, память» (да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў).


Літаратура, прадстаўленая на выставе, адлюстравала асноўныя этапы гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на беларускай зямлі і подзвіг беларусаў у барацьбе за вызваленне.


«Рубеж бессмертия» — так называўся раздзел, які адкрываў выставу. Тут сабраны дакументальныя і мастацкія матэрыялы, прысвечаныя гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці. Сярод выданняў: «Брестская крепость» і «Герои Брестской крепости» С. Смірнова, зборнік успамінаў удзельнікаў абароны крэпасці «Героическая оборона», кнігі — запіскі і ўспаміны асобных удзельнікаў, у т. л. Героя Савецкага Саюза П. М. Гаўрылава, А. М. Чарнова, С. Ц. Бабронка, Ф. І. Лаянкова і інш.


«От оккупации до освобождения» — 2-гі раздзел экспазіцыі, які раскрывае трагічныя старонкі ваеннай гісторыі Беларусі 1941–1944 гг.: нямецка-фашысцкую акупацыю, канцэнтрацыйныя лагеры для ваеннапалонных і грамадзянскага насельніцтва, спаленыя вёскі і г. д. Шырока асвятляецца антыфашысцкі рух: партызанская хроніка вайны, дзейнасць падпольных арганізацый і народнага апалчэння, а таксама баявы шлях кіраўнікоў і камандзіраў, якія ўзнімалі народ на барацьбу з ворагам, — П. К. Панамарэнкі, В. З. Каржа, А. Я. Кляшчова, У. І. Нічыпаровіча і інш. Асобныя выданні раскрываюць малавядомыя да гэтага часу старонкі гісторыі Беларусі. Сярод іх кніга В. Селяменева і В. Шымоліна «Охота на палача» — пра аперацыю па знішчэнні Вільгельма Кубэ, стаўленіка Гітлера ў Беларусі.


«По страницам операции „Багратион“» — завяршальны раздзел выставы, які дае аб’ёмную інфармацыю аб вырашальных бітвах за вызваленне Беларусі. Акрамя навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, шырока прадстаўлены мемуары былых военачальнікаў: Г. К. Жукава, І. Х. Баграмяна, А. М. Васілеўскага.


Кожны з раздзелаў выставы быў дапоўнены мастацкай літаратурай беларускіх і расійскіх аўтараў па тэме вайны.


Выставу ўзбагацілі «кнігі вайны» — выданні з фонду сектара рэдкай кнігі Бібліятэкі: зборнік «За Советскую Белорусь: белорусская литература в Великой Отечественной войне» (Масква, 1942), матэрыялы і дакументы «Зверства немецко-фашистских захватчиков» (Масква, 1945), кніга Максіма Танка «Праз вогненны небасхіл» (Мінск, 1945). Гэтыя кнігі выклікалі вялікую цікавасць сярод удзельнікаў мерапрыемства.


Літаратура, якая асвятляе гісторыю Брэстчыны ў гады вайны, таксама была ў цэнтры павышанай увагі прысутных. Сярод такіх матэрыялаў: даведачныя выданні «Вспомним всех поимённо» (Брэст, 2011) і «Героическая Брестчина» (Брэст, 2015), якія ўключаюць інфармацыю аб земляках — удзельніках вайны, у т. л. 18 Героях Савецкага Саюза; зборнік «Брест в 1941–1944 гг. Оккупация : документы и материалы» (Брэст, 2016); цыкл гістарычных хронік «В поисках утраченного времени» В. Сарычава.


Кансультацыйную працу па матэрыялах выставы літаратуры «Беларусь 1941–1944: подвиг, трагедия, память» (да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў) сярод удзельнікаў мерапрыемства правялі Глазкова Т. В. і Пашкевіч Л. С.


На пленуме абласнога савета ветэранаў прысутнічаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Барысюк Г. І.


Мерапрыемства асвятлялі сродкі масавай інфармацыі.

Глазкова Тамара Васільеўна,

заг. агульнай чытальнай залы

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 74


Зварот да спісу