Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага |
|
Міжнародны круглы стол
«Радзімазнаўчы аспект у творчасці пісьменнікаў СНД»
4 чэрвеня 2021 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбыўся міжнародны круглы стол «Радзімазнаўчы аспект у творчасці пісьменнікаў СНД». Ён прымеркаваны да Года народнага адзінства і 30-годдзя заснавання Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Ініцыятарам і галоўным арганізатарам мерапрыемства стала абласная бібліятэка. У якасці партнёраў выступілі РВУ «Выдавецкі дом „Звязда“» і Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У рабоце форума прынялі ўдзел пісьменнікі, літаратуразнаўцы і журналісты Беларусі, прадстаўнікі творчых колаў Расіі, Азербайджана, Узбекістана. Ганаровым госцем і мадэратарам быў вядомы беларускі пісьменнік, краязнавец, журналіст, дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» А. М. Карлюкевіч.
Тэма краязнаўства, і ў больш глабальным сэнсе радзімазнаўства, была раскрыта ў розных аспектах літаратурнага працэсу сучаснасці.
У ліку цікавых і грунтоўных варта назваць выступленні А. М. Карлюкевіча «Брэсцкія рэгіянальныя кніжныя інтарэсы выдавецкага дома „Звязда“», Т. А. Дземідовіч «Краязнаўства Брэстчыны: час адзінай плынню», В. В. Мароза «Гістарычнае краязнаўства Брэстчыны другой паловы XIX – пачатку XX ст.» і інш.
Гістарычны аспект у літаратурным краязнаўстве быў закрануты ў выступленнях прадстаўнікоў Брэстчыны: пісьменніка А. Р. Бензярука па тэме «Вывучэнне гісторыі „вогненных вёсак“ — населеных пунктаў Беларусі, цалкам знішчаных карнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (на прыкладзе вёскі Драмлёва Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці)» і журналіста Т. В. Канапацкай «Кніга „Памяць“ пачыналася на Святой Зямлі».
Разнастайнасць тэм раскрыта і ў відэадакладах замежных удзельнікаў круглага стала: «Калмыцко-белорусские литературные связи XX–XXI вв. в аспекте краеведения» Р. М. Ханінавай (Расія), «Единство непохожих. Хыналыгцы — малый этнос Азербайджана» Флоры Наджы (Азербайджан), «Актуальность отражения и популяризации истории Средней Азии в научно-популярных публикациях и художественных произведениях авторов Узбекистана, пишущих на русском языке» Г. А. Долгай (Узбекістан) і інш.
У рамках форума прэзентаваны біябібліяграфічны паказальнік «Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч» і кніга А. Гладышчука «Черняков». Экспанаваліся выставы літаратуры «Алесь Карлюкевіч. Жыццё ў літаратуры» і «Літаратурная прэмія Брэсцкага аблвыканкама імя У. А. Калесніка». Адбылася аўтограф-сесія з удзелам А. М. Карлюкевіча і В. А. Шніпа.
Мерапрыемства асвятляла тэлерадыёкампанія «Брэст».
Спасылкі на матэрыялы круглага стала:
https://www.youtube.com/playlist?list=PLb5ho1EhGMkF7HCYTdsPJM3U6lZKTtam7
Глазкова Тамара Васільеўна,
заг. агульнай чытальнай залы
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 74