Not seeing a Scroll to Top Button? Go to our FAQ page for more info.
RU
 

Віртуальны музей Непрачытаная кніга В. Ф. Праскурава



Конкурс летняга чытання «Літаратурны пікнік»

Конкурс летняга чытання «Літаратурны пікнік»

Конкурс летняга чытання «Літаратурны пікнік»

27 верасня ў аддзеле літаратуры для дзяцей і юнацтва Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу летняга чытання 2020 года «Літаратурны пікнік».


Удзельнікі конкурсу прадставілі ў розных намінацыях кнігі, якія прачыталі падчас летніх канікул.


Намінацыя «Я — мастак» як заўсёды аказалася самай прывабнай. Багдан Раманюк (СШ № 9, 2-і кл.) прадставіў маляўнічую ілюстрацыю да кнігі «Приключения воздухоплавателей» вядомага французскага пісьменніка Луі Бусенара. У малюнак дырыжабля на сваё меркаванне ён дадаў шмат неабходных тэхнічных элементаў і падрабязна растлумачыў, як яны працуюць. Цімафей Сабко (СШ № 15, 8-ы кл.), пачынаючы мастак, прынёс цэлы альбом малюнкаў, таму што кожная прачытаная і ўпадабаная кніга выклікае ў яго жаданне яе праілюстраваць. Прадставіла і зрабіла агляд цэлай серыі кніг маладой англійскай пісьменніцы Мішэль Мізра «Школа ангелов» Кацярына Вакуліч (СШ № 32, 3-і кл.).


Паняцце «мастак» вельмі шматграннае, дзе пачуцці і эмоцыі можна выяўляць не толькі з дапамогай алоўка і пэндзля, але і розных іншых прадметаў. Сапраўдным майстрам аплікацыі з саломкі можна назваць Ульяну Гарошка (СШ № 20, 7-ы кл.). Некалькі гадоў яна наведвае аб’яднанне «Каласок» пры Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У апошні час яна захапілася чытаннем кніг пра прыроду нашай краіны і прадэманстравала нам вырабы і аплікацыі з саломкі, прысвечаныя Белавежскай пушчы.


Калі чалавек з самага ранняга дзяцінства чытае шмат, то ўжо да 11 гадоў у яго калекцыі можа з’явіцца не адзін твор уласнага сачынення. Пра гэта распавяла ў сваім відэароліку Рэзнікава Сафія (гімназія № 5, 6-ы кл.), выбраўшы намінацыю «Я — паэт». Яна прачытала некалькі сваіх новых вершаў пра восень і любімы горад Брэст.


Не першы раз у намінацыі «Я — пісьменнік» удзельнічае Такарчук Лізавета (гімназія № 1, 7-ы кл.). У гэтым годзе яна распавяла пра тое, як прыдумала і напісала сваё новае апавяданне «Гарри Поттер и его детство» — пачатак да папулярнай серыі кніг Д. Роўлінг.


Леў Такарчук (СШ № 3, 2-і кл.), нягледзячы на зусім юны ўзрост, вельмі дапытлівы чалавек, аматар ствараць невялікія маляўнічыя брашуры на розныя тэмы. Ён прыдумаў сваю намінацыю конкурсу «Я — выдавец-укладальнік» і прадставіў у ёй адну са сваіх апошніх прац «Атлас мира».


Вельмі папулярнай у гэтым годзе стала намінацыя «Я — кніжны блогер». Расказалі ў сваіх відэароліках аб любімых кнігах і парэкамендавалі іх іншым чытачам Ксенія (СШ № 3, 1-ы кл.) і Вераніка Дзенісовіч (СШ № 3, 5-ы кл.). А пастаянныя ўдзельнікі конкурсу Глеб (гімназія № 3, 7-ы кл.) і Паліна Гадуйка парадавалі ўсіх прысутных чарговым прафесійным буктрэйлерам на «вясёлы» падручнік І. Гаруновай і А. Лісачэнкі «Котохимия».


З вялікай адказнасцю да выбару намінацыі «Я — крытык» падышоў адзін з самых актыўных чытачоў аддзела Мікалай Дыякоўскі (гімназія № 1, 9-ы кл.). У 15 гадоў яго ўжо можна назваць чытачом са стажам, які мае меркаванне і свой асаблівы погляд на праблемы і напрамкі дзіцячай і падлеткавай літаратуры. На конкурс ён прадставіў артыкул, у якім прааналізаваў творчасць аднаго з самых папулярных у юных чытачоў сучасных пісьменнікаў Эдуарда Веркіна і падзяліўся ўражаннямі аб серыі яго кніг «Хроника Страны Мечты».


Па завяршэнні мерапрыемства ўсе дзеці атрымалі сертыфікаты ўдзельніка конкурсу і памятныя прызы.



Таццяна Уладзіміраўна Грышчук,

гал. бібліятэкар аддзела літаратуры для дзяцей і юнацтва

Кантактны тэлефон: +375 162 59 43 36


Зварот да спісу