|
21 лютага ў 14.30 у памяшканні абласнога грамадска-культурнага цэнтра (г. Брэст, вул. Камуністычная, 1) пройдзе абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокi”, прымеркаванае да Мiжнароднага дня роднай мовы i адкрыцця Года кнігі на Брэстчыне.
У рамках свята і ў сувязі з юбілеямі беларускіх класікаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка Бібліятэка арганізоўвае і прэзентуе разгорнутыя выставы літаратуры:
- ° “Літаратурная вяршыня”, дзе прадстаўлены кнігі, адзначаныя Дзяржаўнымі прэміямі і прэміяй Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, а таксама кнігі - пераможцы літаратурных конкурсаў Беларусі;
- ° “Прарок нацыянальнага адраджэння” (Да 130-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы). На выставе прадстаўлены чатыры прыжыццёвыя выданні, шматтомнікі і асобныя працы класіка; літаратура, якая раскрывае актуальнасць і маштабнасць яго творчасці для сучаснай Беларусі; альбомы майстроў выяўленчага мастацтва, якія стваралі вобраз паэта, iлюстравалi яго паэтычныя творы;
- ° “Свайму часу і вечнасці” (Да 130-годдзя з дня нараджэння Я. Коласа). Увазе чытача прапануюцца дванаццаць прыжыццёвых выданняў класіка; шмат матэрыялаў аб яго жыцці і творчасці; значнае месца займаюць працы, якія раскрываюць сувязь Я. Коласа з Берасцейшчынай;
- ° “Летапісец эпохі” (Да 100-годдзя з дня нараджэння М. Танка). На выставе змешчаны: факсімільнае выданне пісьменніка “На этапах” (1936 г.); зборнікі пасляваеннага перыяду, у тым ліку зборнік “У дарозе” з аўтографам М. Танка; літаратура, якая адлюстроўвае жыццёвы і творчы шлях класіка. Асобны раздзел выставы – гэта вершы-прысвячэнні пісьменнікаў і паэтаў М. Танку.
- °“Лаўрэаты. Лiтаратурная прэмiя Брэсцкага аблвыканкама iмя У. А. Калеснiка”. Экспазiцыя знаёмiць з літаратурнымi творамi нашых землякоў - лаўрэатаў прэмii 2011г.
Запрашаем усіх аматараў роднага слова пазнаёміцца з выставамі Бібліятэкі.
Тэлефоны для даведак:
+375 (162) 23 21 23 Глазкова Тамара Васiльеўна;
+375 (162) 23 22 04 Кавенька Таццяна Сямёнаўна
 |